Лившиц Владимир
Интересные сайты
Intportal.ru
Фильмы, программы, игры, книги и другое бесплатно!

Раскрутить мой сайт!Раскрутить мой сайт!
Посетители
Календарь
<
Май 2012
>
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Подписка
E-mail: 
Опрос
Ваш возраст?

Результаты опроса
Топ комментаторов
bark54 Баркулов
Комментарии: 1
vladlivsh Лившиц Владимир
Комментарии: 1
Другие сайты
vitalong Виктор Кузнецов
samaranightlife Андрей Аско
pam-pam---pam--pam--... ША!!!
studman2005 Дмитрий Дворецкий
hromdiapsid Динар

Из книги "Раскопки на Горецком Парнасе". Раздел 1. Учились в Горках ( на бел. языке)

0.00 (0)

 

 

 

 

 

 

УЛАДЗІМІР  ЛІЎШЫЦ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

РАСКОПКІ ВАКОЛ ГОРАЦКАГА "ПАРНАСА"

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ГОРКІ 2000

        

 

 

 

 

 

     

         УДВК 882.6 -09+925

         ББК     84 (4 бел.)

         Л   55

 

 

         Рэкамендавана да друку кафедрай беларускай і рускай моў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі

 

 

 

         Мастак С. І. Квач

 

 

         У падрыхтоўцы кнігі ўдзельнічалі навуковыя супрацоўнікі Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея М. М. Студнева, С. С. Кротава, Т. А. Драздова і Н. М. Ермалаева

 

 

         Л 55 Ліўшыц У. М. Раскопкі вакол Горацкага "Парнаса". Орша: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 2000.

 

 

         У кнізе апавядаецца аб літаразнаўчых пошуках дырэктара Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея, кандыдата філасофскіх навук дацэнта Уладзіміра Ліўшыца. На працягу 30 год ён шукае матэріалы аб сувязях Горак з пісьменнікамі, аб земляках, якія маюць дачыненне да літаратуры.

         Адрасавана шырокаму колу чытачоў.

 

         ISBN     985-6120-                                с   У. М. Ліўшыц, 2000

 

 

  

Прадмова

 

Горад Горкi... Месца, вядомае ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi як цэнтр вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыi. Больш як 160 год тут iснуе Беларуская сельскагаспадарчая акадэмiя.

Горкi вядомы i як месца, якое больш як паўтара стагоддзя прыцягвае ўвагу паэтаў i пiсьменнiкаў. Аб Горках, акадэмii i яе выхаванцах пiсалі Г. Дзяржавiн, А. Чэхаў, П. Мельнiкаў, сюды слалi лiсты Т. Шаўчэнка i I. Тургенеў. З Горак пiсалi Л. Талстому, тут вучылiся i працавалi вучнi М. Чарнышэўскага, беларускiя пiсьменнiкi М. Гарэцкi, Л. Чарняўская, С. Фамiн, Ю. Гаўрук, М. Ганчарык, А. Вечар, Н. Тулупава, сюды прыязджалi Я. Купала, Я. Колас, У. Караткевiч, I. Эрэнбург.

На горацкай зямлi нарадзiлiся В. Каваль, М. Булахау, А. Каршуноу, Г. Шчарбатаў i Л. Разгон. I зараз тут пленна працуюць члены народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова" Н. Кавалева, С. Сiдараў, Л. Васiльеў, С. Цярэшка, А. Пугач, А. Прохараў, С. Лоцманау i многiя iншыя.

Аб усiм гэтым можна даведацца, пачытаўшы кнiгу "Раскопкi вакол горацкага "Парнаса", аўтарам якой з'яўляецца дырэктар Горацкага гiстарычна-этнаграфiчнага музея, кандыдат фiласофскiх навук, дацэнт Уладзiмiр Лiўшыц.

Яго iмя добра вядома ў Беларусi, як аўтара больш дваццацi кнiг па гiсторыi i краязнаўству. Асобнае месца ў яго пошуках займае літаратуразнаўства, ці, па словах самога аўтара, - раскопкі вакол горацкага "Парнаса". Гэтыя знаходкі былі абагульнены ў брашурах "Раскопкi вакол горацкага "Парнаса" (1992), "Максiм Гарэцкi - жыццё i творчасць" (1993), "Лiтаратурны музей М. Гарэцкага" (1997), "Сын вёскi" (кароткi нарыс аб жыццi i творчасцi В. Каваля) (1998) i шматлiкiх публiкацыях у рэспублiканскiм i мясцовым друку.

У. Лiўшыц з'яўляецца iнiцыятарам правядзення Гарэцкiх чытанняў, прысвечаных вывучэнню жыцця i творчасцi М. Гарэцкага, якiя ўжо сем разоў праходзiлi ў Беларусi. Таму не выпадкова складальнiкi бiябiблiяграфiчнага слоўнiка "Беларускiя пiсьменнiкi" уключылi матэрыял аб iм у гэты даведнiк.

На працягу трыццацi гадоў У. Лiўшыц вядзе свае "раскопкi" i вось матэрыялы з iх нарэшце сабраны ў адну кнiгу.

Можна з упэўненасцю сказаць, што кнiжка будзе цiкавая настаўнiкам рускай i беларускай лiтаратур, стане неабходным дапаможнiкам вучням не толькi Горацкага раена i Магiлёўшчыны, але ва ўсей нашай рэспублiцы.   

 

Алесь Пiсьмянкоў, галоўны рэдактар штотыднёвiка "Лiтаратура i мастацтва", лаўрэат лiтаратурнай прэмii iмя Аркадзя Куляшова.

 

 

 

 

 

 

Раздел 1. Вучылiся ў Горках

Цi з горацкай прапiскай быў Тарас?

(З гiсторыi  Горацкай версii напiсання паэмы

"Тарас на Парнасе").

 

     На тэрыторыi Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii ёсць  узгорак, якi з даўнiх часоў завецца "Парнас". З iм звязана версiя аб напiсаннi ў Горках вядомай беларускай паэмы "Тарас на Парнасе".

     Гэта паэма ўпершыню была надрукавана 16 мая 1889 года ў газеце "Минский листок" i з той пары  лiтаратуразнаўцы  спрачаюцца  аб аўтары  гэтага бессмяротнага твора.  "Тараса" прыпiсвалi В.I.Дунiну-Марцінкевiчу, А.Вярызе-Дарэўскаму, Г.Марцiнкевiчу, А.Крупеньку, К.В.Веранiцыну  i  iншым.  У  кожнай версii ёсць свае "за" i "супраць". Але ж мы спынiмся на адной з iх - горацкай.

     Упершыню яе  выказаў  вядомы  беларускi этнограф i краязнаўца Е.Р.Раманаў. У 1896 годзе ў рукапiсе "Спроба пера"  ён  пiсаў  "Во коли, дякуй  богу,  дождались  мы,  што  й нашего "Тараса" ўвялi ў книжку! Ужо годов боли як сорок (закрэслена: пяцьдзесят) белоруськая байка ета стала ўсим вядома ў трох губерниях: Могилевской, Витебской и Минской ..."

     Далей Раманаў  выказвае некалькi меркаванняў аб аўтарстве i ў заключэннi пiша:  "Говоруть,  што яго написали у Горках  студенты, тогды, як там была,  до мятежа,  большая школа. И ето, можа, больш усяго пахожа на  правду".  (Г.Киселев.   Разыскивается   классик... Мн.,1989, С.238).

     У 1900,1902 гадах паэма была надрукавана асобнымi выданнямi ў Магiлеве. Цiкава, што гэтыя выданнi захавалiся ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусі ў Мiнску.  Перагорнем старыя  старонкi  i  ва ўступах прачытаем (iх,  як вядома, пiсаў таксама Е.Р.Раманаў) "Больш верагодным,  трэба прызнаць меркаванне, што "Тарас" напiсаны у г.Горкi, у  пачатку  пяцiдзесятых  цi у канцы саракавых гадоу мiнулага стагоддзя, менавiта у першыя гады iснавання горацкага  земляробчага iнстытута,  якi быу у той час вышэйшай навучальнай установай" ("Тарас на Парнасе" и другие белорусские  стихотворения".  Могилев. 1902, С.4).

     Звернем увагу,  што ў 1896 годзе Е.Р.Раманаў выказаў думку аб тым, што  "Тараса"  напiсалi студэнты !?!  Дацэнт Магiлёўскага педiнстытута iмя А.А.Куляшова, кандыдат фiлалагiчных навук М.Абабурка мяркуе аб тым,  што Е.Р.Раманаў лiчыў "Тараса" калектыўным творам, якi напiсалi студэнты Горы-Горацкага iнстытута. Для абгрунтавання гэтага ён прыводзiць i такi аргумент:  "Думаецца,  што падабенства дадзенай паэмы з "Энеiдай" якраз  i  з'яўляецца  неабвержным доказам калектыўнага аўтарства, таму што адзiн аўтар не запазычваў бы не толькi вобразы i малюнкi,  але i суцэльныя  выказваннi  з-за боязi агульнага абвiнавачвання яго ў плагiяце.  Ды i  ў  некаторых спiсах (варыянтах) паэмы ёсць канцоўка,  што непасрэдна ўказвае на аўтарскi калектыў!

                    Пiсаў Хiмка, пiсаў Яўтух,

                    Пiсалi б болей, але агонь патух

     (Абабурка. М.Тарас   с   горацкай   прапiскай?   "Магiлёўская праўда", 1991, 28 верасня).

     Дык цi быў "Тарас" калектыўным творам? Наўрад! У iм жа выразна праследжваецца генiяльная iндывiдуальнасць, самабытнасць аўтара. Iншая справа,  што шматлiкiя дэталi твора абмяркоўвалiся, шлiфавалiся пры непасрэдным удзеле iншых (аб гэтым мы скажам яшчэ нiжэй).

     Тым больш,  што  Е.Р.Раманаў у 1900 годзе ўдакладняе i пiша ўжо не "студэнты",  а проста "ў Горках". Магчыма, гэта былi i студэнты iнстытута, або навучэнцы земляробчага вучылiшча цi фермы,  выкладчыкi цi проста жыхары Горак (у 1846  годзе  ў  Горках  жыло  больш дзвюх з паловай тысяч чалавек).

     Е.Р.Раманаў выказвае думку адносна  часовых  рамак  напiсання паэмы. Ён лiчыць,  што паэма напiсана "у першыя гады iснавання Горацкага земляробчага iнстытута".  Вядома,  што Горы-Горацкая земляробчая  школа  з двума разрадамi вышэйшым i нiжэйшым у Горках была заснавана у 1836 г. У 1848 годзе яе вышэйшы разрад быў ператвораны ў iнстытут з "правам унiверсiтэта". Калi гаварыць аб першых гадах iснавання iнстытута, то хутчэй за ўсе гэта - 1848-1853, 1854  гады.

     Прайшло некалькi дзесяцiгоддзяў i  горацкай  версiяй  зацiкавiўся Барыс  Iсакавiч  Iофе.  Як жыхара Горак Барыса Iофе цiкавiла загадка напiсання вядомай беларускай паэмы "Тарас на  Парнасе".  Аб ей ён  напiсаў  артыкул "Паэма "Тарас на Парнасе" (аб часе i месцы напiсання i гiстарычна-лiтаратурным значэннi). Ён быў  адным  з першых лiтаратуразнаўцаў, якi заўважыў, што месца, якое апiсваецца ў паэме,  вельмi падобна на ўзгорак, якi размешчаны каля акадэмiчнай бiблiятэкi. "На тэрыторыi Горацкага сельскагаспадарчага iнстытута ( ў 1940 годзе так называлася сёняшняя акадэмiя - У.Л.) - пiсаў Iофе - паблiзу ад фундаментальнай бiблiятэкi ёсць узгорак, якi студэнты з даўнiх часоў i дагэтуль называюць  Парнасам.  Насупраць узгорка, як  частка  надзвычай  маляўнiчага месца,  ўздымаецца так званая Пятрова Горка.  Тут зараз размешчаны леспрамгас,  а  даўней было ляснiцтва. На той жа горцы, недалека ад "Парнаса", былi i лазнi. На тэрыторыi iнстытута знаходзiцца невялiкае возера.  Яго,  мусiць, i  пiльнаваў Тарас.  Цi не гаворыць гэта аб напiсаннi паэмы ў Горках? Ва ўсякiм выпадку,  студэнты з  любога  вучэбнага  будынка маглi бачыць усе памянёныя ў паэме месцы, размешчаныя ў парку iнстытута цi блiзка да яго".

     Гэты артыкул  i  зараз не страцiў свайго навуковага значэння. На Б.Iофе пастаянна спасылаюцца лiтаратуразнаўцы i даследчыкi  беларускай лiтаратуры,  тыя,  хто цiкавiцца аўтарствам "Тараса". Сярод iх - Генадзь Васiльевiч Кiсялеў. У кнiзе "Разыскивается классик... Историко-литературная дилогия" (якая ўжо згадвалася намi) ён прысвячае горацкай версii цэлы раздзел,  якi назваў - "Городок в Могилевской глуши".  Але,  на наш погляд,  гэта не вельмi ўдала. Бо цi можна назваць глушшу гарадок, дзе была адзiная у Беларусi вышэйшая навучальная ўстанова? Напэўна, не.

     Г.В.Кiсялёў на працягу многiх год распрацоўвае горацкую  версiю. Па-першае, ён добра апiсаў атмасферу ў Горках таго часу. А як бачна з гiсторыi,  яна была даволi творчай.  Чатырохгадовы вучэбны план iнстытута ўключаў у розныя гады да 40 прадметаў, з якiх прадметы гуманiтарнага напрамку займалi 24% вучэбнага часу.

     Студэнты вывучалi натуральную гiсторыю (144 гадзiны),  гiсторыю рускай лiтаратуры (48 г.), палiтычную эканомiю (64 г.), нямецкую мову  (288  гадзiн),  маляванне (128 г.),  закон божы (64 г.), практыкаваннi па рускай мове (64 г.),  логiку (32 г.), маляванне i архiтэктуру (288  г.).  Па-за раскладу раз у тыдзень са студэнтамi малодшых курсаў праводзiлiся гутаркi "...  па частцы  айчыннай славеснасцi, для  чытання  i  разбора  лепшых нашых пiсьменнiкау". (Белорусская сельскохозяйственная академия. 150 лет. Краткий очерк истории и деятельности. Мн., 1990, С.21).

     Г.В.Кiсялеў знайшоў успамiны студэнтаў, што некалi вучылiся ў Горках. Яны апавядаюць аб лiтаратурных гуртках i вечарах у Горках. Вось адзiн з такiх успамiнаў былога студэнта, ураджэнца вескi Расна (зараз Дрыбiнскага раену) Ф.Сурына: "... мы сярод гоману, смеху i найвесялейшайт у свеце размовы чакалi пачатку чытання. Прадметам жа яго бывалi  перш за усе мясцовыя рукапiсныя газеткi, якiя рэдагавалiся безыменна i рассылалiся у запячатаных канвертах. Найбольш у iх прыцягвалi увагу бягучыя мясцовыя горацкiя справы або палемiка аб больш важных рэчах,  аб грамадскiх пытаннях,  часам канспект i  ацэнка якой больш сур'езнай гiстарычнай працы, а часта вершык або арыгiнальнае апавяданне". (Г.Киселев. Разыскивается классик... С.338).

     Цiкава, што якраз у  першы  перыяд  iснавання  Горы-Горацкага земляробчага iнстытута ў Горках вучылiся студэнты, якія добра ведалі лiтаратуру i асабiста вядомых пiсьменнiкаў. Сярод iх П.А.Бахмецьеў (вучань М.Г.Чарнышэўскага па Саратаўскай гiмназii, прататып Рахметава з рамана М.Г.Чарнышэўскага "Что делать?"  (падрабязней  глядзі нарыс "Прататып Рахметава").

     Бахмецьеў вучыўся ў Горках у 1852-1853 гадах, ён неаднаразова бываў у Пецярбургу i Маскве, бываў у лiтаратурных колах.

     Шмат якiх беларускiх лiтаратуразнаўцаў  здзiўляюць  дакладныя характарыстыкi пiсьменнiкаў i паэтаў,  аб якiх iдзе размова ў паэме. Цi не перадаў менавiта Бахмецьеў такiя звесткi будучаму аўтару паэмы, якога,  зусiм верагодна,  ён добра ведаў? I, напэўна, пошук матэрыялаў аб Бахмецьеве  дапаможа выявiць  загадкавае  iмя  аўтара "Тараса". Гэты  пункт  гледжання  мы выказалi ў артыкуле "Прататып Рахметава" (Лiтаратура i мастацтва.  1982 г., 22 кастрычнiка) i яе падтрымаў Г.Кiсялёў (Разыскивается классик... Мн., 1989. С.321-322).

     У тыя ж гады ў Горках вучыўся яшчэ  адзiн  вучань  М.Г.Чарнышэўскага па саратаўскай гiмназii - П.Зайцэўскi.  Яго iмя стала вядомым у сувязi з лiстком з Казанi ў Горкi,  якi перахапiла ў  1856 годзе III аддзяленне. У лiсце крытыкаваўся царскi ўрад i згадвалася iмя Чарнышэўскага.  (Падрабязней глядзi  нарыс  "Вучнi Мiкалая  Чарнышэўскага").

     Вядома, што Парфiрый Зайцэўскi не толькi два гады  вучыўся  ў Чарнышэўскага, якi  выкладаў у гiмназii рускую славеснасць,  але i актыўна цiкавiўся лiтаратурай, выступаў з дакладамi "на литературных беседах", якiмi кiраваў Мiкалай Гаўрылавiч.

     У земляробчым вучылiшчы займалiся  i  iншыя  навучэнцы,  якiя асабiста ведалi пiсьменнiкаў. Ф.Бiзюкiн, прыгонны селянiн I.С.Тургенева. (Падрабязней глядзі нарыс "... Будзь заўсёды сумленным i годным"...).  Нельга не ўспомнiць i аб выкладчыках,  якiя таксама мелi  сувязь з  пiсьменнiкамi.  Гэта  П.М.Каралёў,  якi выкладаў у школе i iнстытуце матэматыку, архiтэктуру i механiку. (Падрабязней глядзі нарыс "Пiсаў   Кабзар  у  Горкi").  Ён  сябраваў  i  перапiсваўся  з Т.Р.Шаўчэнкам.

     Да гэтага  трэба  дадаць,  што як, вядома з гiсторыi акадэмii, студэнты i навучэнцы шмат чыталi мастацкай лiтаратуры. Акрамя iнстытуцкай, мелася яшчэ грамадская бiблiятэка,  а шматлiкiя студэнты мелi шмат i сваiх асабiстых кнiг.  Адным  словам,  атмасфера  была творчай i  тут,  у Горках,  былi даволi добрыя ўмовы для мастацкай творчасцi.

     Генадзь Кiсялёў  у  згаданай намi кнiзе спрабуе вызначыць iмя магчымага аўтара таямнiчай паэмы.  Ён зноў прыводзiць успамiны Фелiцыяна  Сурына,  якi  ў  далейшым з захапленнем займаўся краязнаўствам,  вывучаў беларускi фальклор. I ў сваiх успамiнах аб Горках Сурын называе iмя горацкага паэта.  Вось як гучыць гэта мясцiна:  "Кушалеўскi спрабаваў свае сiлы ў лiрычных вершах i быў  гэта сапраўдны талент.  Пазнейшыя вершы яго, поўныя чуллiвай меланхолii i пранiзлiвага болю,  паўсюдна цанiлiся на Беларусi, i вельмi шкада, што ён не стаў вядомым больш шырокаму колу, друкуючы свае творы ..." Такiм чынам,  перад намi яшчэ адзiн таленавiты прадстаўнiк горы-горацкага Парнаса - паэт Кушалеўскi.  Але Кiсялёў,  улiчваючы паходжанне  Кушалеўскага  (Валынь,  а  не  Усходняя  Беларусь)  не ўпэўнены ў яго дачыненнi да паэмы.

     У ходзе пошукаў Кiсялева зацiкавiла iмя яшчэ аднаго  чалавека - Канстанцiна Васiльевiча Веранiцына.  У 1844 годзе прыгонны хлопчык скончыў Гарадоцкае вучылiшча, потым, атрымаўшы вольную, паступае ў Вiцебскую губернскую гiмназiю.  Затым, у 1857 годзе паступае ў Горы-Горацкi земляробчы iнстытут адразу на III курс, якi i скончыў праз  два  гады са званнем агранома,  абаранiўшы дысертацыю "О белорусском хозяйстве".

     Потым iдзе рознага роду служба - дзяржаўная i прыватная.  Кiраваў недзе прыватным маёнткам,  служыў у Пецярбургскiм па сялянскiх справах  прысуцтве,  у  другой  палове 60 - пачатку 70-х гадоў працуе ў Галоўным таварыстве расiйскiх чыгунак.  У 1874-1879 гадах настаўнiк. Ён добра ведаў сялянскае жыцце,  някепска валодаў пяром i гэта дае падставу залiчваць яго ў магчымыя аўтары паэмы.

     У чытальнай  зале  Вiльнюскага  гiстарычнага архiва Г.Кiсялеў знайшоў лiсты Чудоўскага да Кiркора,  пана,  якi меў маёнтак  каля Горак i  добра ведаў студэнтаў,  якiя тут вучылiся.  У лiсце ад 10 лютага 1857 года ён паведамляе аб пошуках карэспандэнта для  часопiса "Тэка вiленьска", якi рэдагаваў Кiркор: "Паколькi сам не магу быць зараз у Горках для карэспандэнта, накiроуваю туды па гэтай справе дваiх, а менавiта аднаго вельмi прыстойнага маладога чалавека Яна Мянжынскага, якi скончыу у мiнулым годзе Горы-Горацкi iнстытут, i свайго прыяцеля Януша Касакоускага,  якi з самiх Горак напiша табе аб вынiках сваiх крокау i  перамовах,  калi  знойдзе каго-небудзь у карэспандэнты,  у чым,  аднак, не сумняваюся, паколькi з цяперашнiх вучняу есць  двое  даволi  здольных,  а аб трэцiм таксама чуу, што з незвычайным паэтычным талентам пiша па-беларуску".(падкрэслена - У.Л.)

     Аб кiм iдзе размова,  Г.Кiсялёў пакуль што не высветлiў.  Але той факт, што паэт вучыўся ў Горках, натхняе на новыя пошукi.

     На наш погляд, iх неабходна весцi ў наступных кiрунках:

 - неабходна выявiць у архiве справы студэнтаў, навучэнцаў вучылiшча, якiя  былi ўраджэнцамi Вiцебскай i Магiлеўскай губернiй i вывучыць iх бiяграфii - большасць жа даследчыкаў лiчыць,  што мова "Тараса" - магiлеўска-вiцебская;

 -  вывучыць жыццевы шлях выкладчыкаў i супрацоўнiкаў iнстытута i вучылiшча, асаблiва тых, хто выкладаў рускую славеснасць i iншыя гуманiтарныя прадметы;

 -  неабходна пашукаць аўтара ў самiх Горках i наваколлi.

     Толькi тады мы зможам знайсцi сапраўднага  аўтара  паэмы,  цi даказаць, што "Тарас" быў, "на жаль", не з горацкай прапiскай.

Упершыню ў лiтаратуры

 

     15 жнiўня 1840 года ў Горках была адчынена земляробчая школа, ператвораная ў  1848  годзе  ў  Горы-Горацкi земляробчы iнстытут - першую ў Расii вышэйшую сельскагаспадарчую навучальную установу.

     У 1857 годзе аб гэтай навучальнай установе шырока стала вядома з лiтаратурнага твора рускага пiсьменнiка Паўла Iванавiча Мельнiкава -  апавядання  "Поярков",  якое ўпершыню было надрукавана ў часопiсе "Русский вестник" (N 7).

     П.I.Мельнiкаў, вядомы пад лiтаратурным псеўданiмам Андрэй Пячэрскi, нарадзiўся 25 кастрычнiка 1818 года ў  Нiжнiм  Ноўгарадзе. Скончыў гiмназiю i славесны факультэт Казанскага унiверсiтэта. Затым настаўнiчаў у Пермскай i Нiжагародскай гiмназiях. Выкладаў славеснасць, пачаў пiсаць апавяданнi. Першы з iх "Дорожные знаки" быў апублiкаваны ў часопiсе "Отечественные записки" у 1839 годзе.

     У 1847 годзе ў лёсе Мельнiкава адбылiся рэзкiя змены. Ён стаў чыноўнiкам асаблiвых даручэнняў пры губернатары Нiжняга Ноўгарада. Служба дазваляла  яму  ўважлiва прыгледзiцца да дзейнасцi чыноўнiкаў, зразумець, чаму так шмат лiхвяроў, казнакрадаў, кар'ерыстаў i хабарнiкаў. Вось такога чыноўнiка i апiсвае П.I.Мельнiкаў у апавяданнi "Поярков".

     Яно пачынаецца апавяданнем аўтара аб тым, як на вялiкай гандлевай дарозе яму сустрэўся стары ў паношаным сурдуце з кайстрай за плячыма. Старога падвезлi i ён расказаў,  што служыў больш дзесяцi гадоў прыставам i затым быў "отстранен от должности".

     Былы прыстаў  шчыра  прызнаўся ў тым,  што браў у сялян хабар, займаўся вымагальнiцтвам.  Аднойчы,  калi яму былi вельмi патрэбны грошы, ён  разбiраў пошту з губернii.  "Дзесятка паутара прачытау,  -успамiнаў ён, - нiчагусенькi... Раптам гляджу - мiласць то божая! У цыркуляра збоку прапячатана:  "Аб аддачы малалетнiх сялянскiх дзяцей в Горы-Горацкую школу Магiлеускай губернi".  Э!... Не штука - грошы, штука выдумка!... Вось яна боская ласка дзе! З месца нават ускочыу, запеу ад радасцi: Заутра пачуй голас мой!". (П.И.Мельников. Рассказы и повести. М., 1983, С.68).

     Далей прыстаў апавядаў  аб  тым,  як з гэтым  цыркулярам  стаў аб'язджаць багатых  мужыкоў.  Тлумачачы  размяшчэнне  i назначэнне школы, ён гаварыў,  што гэта губерня за Сiбiр'ю,  на  самым  краю свету. I ўся яна на магiлах.  А на тых магiлах гара, i на той гары школу завялi... Сялянскiх дзетак там усякаму гору навучаюць. А таму i названа "на гора Горацкая школа".

     Сяляне палохалiся i,  хто мог,  адкупаўся грашыма,  давалi за кожнага хлопчыка па залаценькаму.  А прыстаў пiсаў, што яны глухiя i нямыя.

     Зразумелым зараз  становiцца  той факт,  чаму ў першы набор у Горы-Горацкую земляробчую школу паступiла ўсяго сем чалавек. I цiкава, што сярод прынятых не было нiводнага хлопчыка з Нiжагародскай губернi. Прысланыя з сялянскiх сямей,  яны былi апрануты так бедна, што iх нават нельга было дапусцiць на ўрачыстае адкрыцце школы.

     Але ж адкуль П.I.Мельнiкаў ведаў аб царскiм цыркуляры, у якiм гаварылася аб  тым,  каб пасылалi сялянскiх дзяцей у Горы-Горацкую земляробчую школу. Зразумела, што калi служыў чыноўнiкам пры генерал-губернатары ў  Нiжнiм  Ноўгарадзе,  вельмi магчыма,  што ў час службы Мельнiкаў сустракаўся i з прататыпам галоўнага героя нарыса - прыставам Паярковым. Але, на жаль, гэта нам пакуль яшчэ невядома.

     Тым не менш,  апавяданне "Поярков" - першы мастацкi твор, дзе згадваецца Горы-Горацкая земляробчая школа,  i ён лiчыцца лепшым у творчасцi Мельнiкава.  "Поярков" па  свайму  накiрунку...,  пiсаў М.Г.Чарнышэўскi, - падобен да апавяданняу п. Шчадрына, але гэта не перайманне... Пячорскi па усей справядлiвасцi павiнен быць прылiчаны да самых таленавiтых нашых расказчыкау".  (Чернышевский Н.Г.  Полн.  соб. соч. М.,Т.4, С.736).

 

Студэнт з Горак - прататып Рахметава

 

     У канцы 1909 года У.I.Ленiн,  канспектуючы кнiгу Ю.М.Сцяклова "М.Г.Чернышевский, его жизнь и деятельность", зацiкавiўся разважаннямi аўтара пра П.А.Бахмецьева i падкрэслiў у канцы  некалькi  фраз  аб iм, у прыватнасцi,  такiя словы: "Далейшы лёс Бахмецьева зусiм невядомы: ён знiк бясследна".  Такiм чынам, мы бачым, што Уладзiмiра Iльiча цiкавiў  лёс  былога  студэнта  Горы-Горацкага земляробчага iнстытута. Пра яго жыцце - наша апавяданне.

     Павел Аляксандравiч  Бахмецьеў належыў да старога дваранскага роду. Бацька яго,  А.П.Бахмецьеў,  быў  паручнiкам  царскай  армii. Бахмецьевы валодалi  вескай  Iзнаiр Сярдобскага павета Саратаўскай губернi, дзе ў 1859 годзе налiчвалася 23 двары,  167 прыгонных сялян i больш за 2000 дзесяцiн зямлi. Лiтаратуразнавец Н.Эйдэльман у Саратаўскiм дзяржархiве выявiў пэўныя дакументы, якiя ўтрымлiваюць шэраг дадатковых падрабязнасцей аб гэтай сям'i i тым асяроддзi,  у якiм у чэрвенi 1828 года нарадзiўся будучы сацыялiст-утапiст  Бахмецьеў.

     У пятнаццаць год Бахмецьеў паступае ў  Саратаўскую  гiмназiю. Пiсьменнiк Д.Мардоўцаў,  якi  ведаў  яго асабiста,  у артыкуле "Аб Рахметаве" (Северный курьер",  N 4 за 1900 г.) пiсаў:"Я яго  ведаў вельмi добра,  таму што ў канцы саракавых гадоў вучыўся з iм у адной гiмназii у Саратаве.  Жыў з iм на кватэры побач".  Д.Мардоўцаў характарызуе Паўла Бахмецьева як спешчанага панiча.  Далей ён пiсаў: "Здольнасцi Бахмецьева былi не блiскучымi, i я часта дапамагаў яму рашаць матэматычныя задачы, перакладаць з латынi цяжкiя месцы. Але тое, што засвоiў з цяжкасцю, трымалася ў яго перакананнях настолькi моцна, што i абцугамi не выцягнеш".

     Але ад каго ён мог пачуць пра сацыялiзм?  Хутчэй  за  ўсе  ад М.Чарнышэўскага, з якiм Бахмецьеў быў асабiста знаёмы. Вядома, што Мiкалай Гаўрылавiч сустракаўся з маладымi людзьмi.  "Хто гэтыя маладыя людзi  - дакладна невядома,  але можна лiчыць,  што сярод iх былi будучы пiсьменнiк Д.Мардоўцаў i П.А.Бахмецьеў,  якi стаў затым прататыпам  Рахметава ў рамане "Что делать?",  - пiша Н.Чарнышэўская ў сваей кнiзе "М.Г.Чернышевский в Саратове".

     У 1846  годзе М.Чарнышэўскi паступае ў Пецярбургскi унiверсiтэт. У пiсьмах да родных ён часта  ўспамiнае  пра  Бахмецьева.  16 жнiўня 1846 года: "Пiшы, цi будуць пераведзены Часнакоў, Бахмецьеў (пра гэтага няма чаго,  здаецца,  пытацца)...";  19 кастрычнiка 1846 года: "...  па суботах кланяйся ад мяне пастаянна,  не прапускаючы нiводнай суботы Часнакову,  Кочкiну,  Бахмецьеву ..."  (М.Г.Чернышевский. Полное собрание сочинений,  Т.14. С.40,71). Правучыўшыся чатыры гады ва унiверсiтэце, Чарнышэўскi вяртаецца ў Саратаў i становiцца настаўнiкам гiмназii.  У  Дзяржаўным  доме-музеi М.Г.Чарнышэўскага захоўваецца атэстат на iмя П.Бахмецьева,  выдадзены 11 лiпеня  1851 года. Сярод подпiсаў настаўнiкаў стаiць i подпiс М.Чарнышэўскага.

     Летам 1852 года П.Бахмецьеў пакiдае Саратаў i прыязджае ў Горкi.

     "Пасля гiмназii,  - успамiнае Д.Мардоўцаў, - Бахмецьеў паступiў у Горы-Горацкую земляробчую ўстанову,  пра якую заўседы марыў, узяўшы з сабой на уласны кошт свайго таварыша Аўгуста К., пра якога таксама, як i пра таварыша па подзвiгах Рахметава,  гаворыцца ў рамане "Што рабiць?".

     Чаму ў земляробчы iнстытут?  Мусiць таму, што да гэтага часу ён цверда вырашыў будаваць сельскагаспадарчую камуну на  сацыялiстычных прынцыпах.  Ехаць  у  Горкi яму мог параiць М.Г.Чарнышэўскi, якi добра ведаў пра гэты iнстытут ад I.Палiмсестава,  таварыша  па Саратаўскай  гiмназii.  Палiмсестаў  да  гэтага скончыў iнстытут i стаў пазней вядомым аграномам-педагогам.  У  iнстытуце  потым  (з 1856 г.) вучыўся яшчэ адзiн вучань Чарнышэўскага,  удзельнiк "лiтаратурных гутарак",  звязаны з  апазiцыйна  настроенымi  студэнтамi Масквы i Казанi, - Парфiр Зайцэўскi.

     Цi ёсць звесткi пра навучэнца Паўла Бахмецьева i яго таварыша ў iнстытуце?  У  бiблiятэцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii захоўваецца 3-я  кнiга  "Записок  Горы-Горецкого  земледельческого института" за 1854 год.  Тут у справаздачы за 1852-1853 навучальны год на стар. 13 мы знаходзiм сярод прозвiшчаў студэнтаў i прозвiшча знаемага нам П.Бахмецьева.  Цiкава,  што ў справаздачы сказана: "падвяргалiся iспытам 46 студэнтаў,  з якiх пераводзяцца  на  2-гi курс 42  у  наступным па старшынству парадку..." Бахмецьеў лiчыўся трэцiм па старшынству (г.зн. па поспехах). Мяркуючы па справаздачы за 1853-1854  навучальны год,  Бахмецьеў,  нягледзячы на поспехi ў вучобе, пакiнуў iнстытут, не скончыўшы другi курс. Тут, дарэчы, трэба нагадаць, што  i  Рахметаў  скончыў  вучобу  на другiм курсе.  Разам з П.Бахмецьевым iнстытут пакiнуў i яго таварыш К.Аўгуст (так  шыфруе яго Д.Мардоўцаў).

     Н.Эйдэльман у фондзе III  аддзялення  (ЦДГА  Расii,  г.Масква) знайшоў цiкавы  дакумент  пра  тое,  што  ў 1859 годзе група саратаўскiх грамадскiх дзеячоў даслала прывiтальны адрас  цэнзару  фон Краузе, якога праследваў царскi ўрад.  Жандармы гэты адрас перахапiлi i знялi з яго копiю. Пад адрасам подпiсы: Мардоўцаў, Бялоў, а таксама Аўгуст К.

     Хто ён?  Гэтага мы не ведалi да таго часу,  пакуль з Саратава не атрымалi фотакопiю "спiса вучняў Саратаўскай гiмназii VII класа з пажаданнямi месц,  куды яны паступiць жадаюць". У спiсе ўказана: "Павел Бахмецьеў.  22 гады, сын патомнага дваранiна. Заявiў аб жаданнi паступiць у Горы-Горацкi земляробчы iнстытут.  Пад нумарам 6 напiсана:  "Клаўс Аўгуст".  З кнiгi С.Д.Сакалова "Саратаўцы: пiсьменнiкi i вучоныя" (Саратаў,  1913 г.) мы даведваемся, што А.Клаўс служыў у Саратаўскай канторы замежных пасяленцаў i быў пераведзены ў Пецярбург. Памер у 1870 годзе. Вядомы як аўтар шэрагу артыкулаў, надрукаваных  у  часопiсе  "Вестник  Европы"  i  кнiгi "Наши колонии"(СПб.,  1869 г.). Далейшыя пошукi матэрыялаў, што датычаць гэтага  чалавека,  дапамогуць нам адкрыць хоць што-небудзь новае пра Бахмецьева. Пра яго, несумненна, Клаўс ведаў шмат.

     Пра жыцце  П.Бахмецьева ў 1853-1857 гг.  мы нiчога не ведаем. Летам 1857 года ён з'явiўся ў Д.Мардоўцава з невялiкiм  сакваяжам, у якiм былi грошы за прададзены маёнтак,  i заявiў,  што збiраецца на Маркiзскiя астравы, дзе думае "заснаваць незалежнае грамадства, амаль што дзяржаву". Ён дамовiўся з Мардоўцавым перапiсвацца, абяцаў запрасiць яго на пасаду рэдактара часопiса вольнай грамады.  З размовы стала  вядома,  што перад ад'ездам Бахмецьеў пабываў у Пецярбурзе ў М.Чарнышэўскага. Пра што была гаворка?

     Пiсьменнiк Раман  Белавусаў у творы "О чем промолчали книги" расказвае: "У адзiн з летнiх вечароў 1857 года Мiкалай  Гаўрылавiч працаваў у сваiм кабiнеце над артыкулам для "Современника"... Раптам з'явiўся госць.  Мiкалай Гаўрылавiч пазнаў у iм земляка, саратаўскага памешчыка Паўла Аляксандравiча Бахмецьева.

     Прыселi да стала.  Спачатку размова не вялася.  I раптам Бахмецьеў разгаварыўся.  Ён  стаў гаварыць аб сваей гарачай любовi да Радзiмы, але тут жа прызнаўся,  што, нягледзячы на гэта, прыняў рашэнне назаўсёды пакiнуць Расiю.

     I ён расказаў,  што прадаў сваё памесце,  што на руках сума ў пяцьдзесят тысяч  рублёў.  Грошы  ж вырашыў выкарыстаць для патрэб чалавецтва. А для гэтага збiраецца адправiцца на Маркiзскiя астравы для заснавання земляробчай калонii, нейкага iдэальнага грамадства тыпу камуны, дзе праца будзе крынiцай радасцi.

     Дзiўны чалавек. Цi то руская рэчаiснасць настолькi яму абрыдзела, што ён не бачыў магчымасцi паправiць яе...,  цi то пад уплывам утапiстаў вырашыў iх iдэi праверыць на практыцы...

     Павел Бахмецьеў добра запомнiўся Чарнышэўскаму.  У iм Мiкалай Гаўрылавiч убачыў чалавека дзеяння,  натуру асаблiвага складу, характар, якi склаўся ў вынiку нястомнага самавыхавання".

     У пачатку жнiўня Павел Бахмецьеў едзе ў Лондан.  Ёсць падставы меркаваць, што пры ад'ездзе за гранiцу ён афармляў дакументы, i таму ў  архiвах павiнны былi захавацца цiкавыя бiяграфiчныя матэрыялы. Было паслана запытанне ў  Архiў  знешняй  палiтыкi  Расii Гiсторыка-дыпламатычнага ўпраўлення  Мiнiстэрства  замежных  спраў Расіі. З архiва паведамiлi,  што матэрыялаў аб ад'ездзе  Бахмецьева за мяжу не выяўлена.  Мы можам меркаваць, што царскi ўрад не пажадаў выдаць замежны пашпарт ужо вядомаму сацыялiсту. Магчыма, што ў Лондан ён трапiў нелегальным шляхам.

     ... Разгорнем старонкi ўспамiнаў А.Г.Герцэна "Былое и  думы". У семай  частцы (раздзел "Молодая эмиграция") Герцэн пiша:  "Аднае ранiцы я атрымаў запiску,  вельмi кароткую,  ад нейкага незнаёмага рускага, ён пiсаў мне,  што мае "неабходнасць мяне бачыць", i прасiў прызначыць час сустрэчы.  Я ў гэты час iшоў ў Лондан,  а таму, замест усякага адказу, зайшоў сам у Саблан'ер - атель i спытаў пра яго. Ён быў дома.  Малады чалавек з выглядам  кадзета,  сарамлiвы, вельмi невясёлы i з адметным аблiччам... Вельмi маўклiвы, ён амаль усё маўчаў;  бачна было, што ў яго штосьцi на душы, але ён не дайшоў да магчымасцi выказаць гэта.      Я пайшоў, запрасiўшы яго днi праз два-тры абедаць..."

     Далей А.I.Герцэн пiша, што зноў сустрэў маладога чалавека выпадкова на вулiцы.  Яны разгаварылiся. Павел Бахмецьеў хутка вымавiў:

     - Я нiколi не вярнуся ў Расiю.  Не, не, я рашуча не вярнуся ў Расiю.

     -Злiтуйцеся, вы? Такi малады?

     -Я Расiю люблю,  вельмi люблю,  але там людзi...  там мне не жыць. Я хачу завесцi калонiю на зусiм новай сацыяльнай аснове: гэта ўсе я абдумаў i цяпер еду прама туды.

     -Гэта значыць куды?

     -На Маркiзскiя астравы.

     Я паглядзеў на яго з поўным здзiўленнем.

     -Так... так. Гэта справа вырашаная. Я плыву з першым параходам i таму вельмi рады, што Вас сустрэў сёння".

     Пасля такой  размовы  Бахмецьеў  прапанаваў  Герцэну 20 тысяч франкаў на справу рэвалюцыйнай прапаганды, жадаючы зрабiць што-не будзь карыснае   для  Радзiмы.  Пасля  наведвання  банка  Ротшыльда А.I.Герцэн напiсаў распiску,  а П.А.Бахмецьеў - распараджэнне, што аддае 80 фунтаў стэрлiнгаў.  Такiм чынам, мы бачым, што П.А.Бахмецьеў быў у Герцэна.

     1 верасня  1857  года  Павел Бахмецьеў адплываў на Маркiзскiя астравы..." ...  На другi дзень, - пiша Герцэн, - я абяцаў прыйсцi да яго развiтацца.  Ён быў зусiм гатовы. Маленькi кадзецкi цi студэнцкi чамаданчык,  шынэль перацягнуты папругай i... трыццаць тысяч франкаў золатам,  завязаныя ў тоўстым футляры так, як завязваюць фунт агрэстаў цi арэхаў.

     Так ехаў гэты чалавек на Маркiзскiя астравы".

      А.Тучкова-Агарова ўспамiнае, што Герцэн доўга, але без вынiкаў адгаворваў Бахмецьева ехаць:  "Не спяшайцеся,  i тут жа не ўсё бязрадасна i безнадзейна..."

     Праз пяць  гадоў  у  Аляксееўскiм равелiне Петрапаулаўскай крэпасцi М.Чарнышэўскi заканчвае раман "Что делать?".  У хуткiм  часе кнiгу атрымлiваюць  у Саратаве,  на радзiме рэвалюцыянера.  Сваякi Чарнышэўскага Пыпiны пазналi ў вобразе Рахметава рысы саратаўскага памешчыка П.Бахмецьева.  Яўгенiя  Мiкалаеўна Пыпiна пiша родным 16 сакавiка 1863 года:  "Там мiж iншым выведзен Бахмецьеў - памятаеце?" А 23 красавiка:  "З вялiкай цiкавасцю прачытаеце Вы раман Мiколы. Рахметаў - гэта Бахмецьеў Павел Аляксандравiч.  Памятаеце Вы яго? Тут,  мiж iншым,  мы пра гэта не гаворым.  Мiкалай Гаўрылавiч ведаў пра яго шмат такога, што мы i не ўяўлялi".

     Праз некалькi гадоў у Аляксандраўскай катаржнай турме Мiкалай Гаўрылавiч расказваў палiткатаржанiну С.Стахевiчу аб сваей паездцы ў 1859 годзе ў Лондан, да А.I.Герцэна. Чарнышэўскi ўспамiнае i пра гутарку Бахмецьева з Герцэнам,  "...  дабаўляючы,  - паводле  слоў Стахевiча, - падрабязнасцi, называючы iх забаўнымi". "Слухаючы гэты расказ,  - працягвае С.Стахевiч, - я быў пры той думцы, што Мiкалай Гаўрылавiч чуў яго асабiста ад Герцэна,  аднак я не памятаю, каб ён менавіта так i сказаў... магчыма мая думка была памылковай, i расказ пра Бахмецьева дайшоў да яго ўжо з трэцiх рук.  Але заключныя словы Мiкалая Гаўрылавiча я памятаю з поўнай дакладнасцю:

     - У  сваiм  рамане  я назваў асаблiвага чалавека Рахметавым у гонар менавіта вось гэтага Бахмецьева".

     Падвядзем папярэднiя  вынiкi.  15-гадовы  сын дваранiна Павел Бахмецьеў паступае вучыцца ў Саратаўскую гiмназiю,  дзе лёс  зводзiць яго з М.Чарнышэўскiм. Тут узнiкае пытанне: чаму дваранскi сын трапiў у навучальную установу гэтак позна? Факт, што яго настаўнiкам быў яго равеснiк Чарнышэўскi.  Аднакашнiк Бахмецьева ўспамiнае пра яго як пра распешчанага i не вельмi здольнага да вучобы  панiча. Цi не тлумачыцца позняе паступленне ў гiмназiю i распешчанасць слабым станам здароўя?  Тут варта згадаць, што характар Бахмецьева склаўся "у  вынiку нястомнага самавыхавання",  паводле слоў Чарнышэўскага. Мусiць, самавыхаваннем i ўпартай працай тлумачыцца i той факт, што Бахмецьеў,  раней слабы гiмназiст, стаў трэцiм сярод аднакурснiкаў па паспяховасцi.  Чарнышэўскi,  мабыць,  добра ведаў i 15-гадовага, i сталага Бахмецьева, i меў падставу для такога сцвярджэння. Чатыры гады жыцця нашага героя застаюцца таямнiцай. Невядомы i  матывы,  згодна  з якiмi ён пакiнуў iнстытут.  Цi не жаданне праверыць свае сiлы прывяло Бахмецьева да гэтага ўчынку? Зусiм лагiчна дапусцiць,  што толькi тады, калi ён адчуў сябе i маральна, i фiзiчна гатовым да выпрабаванняў,  наш герой вырашыў пакiнуць  Расiю, паехаць у далекую,  амаль невядомую краiну. Вядома, што ўвесь гэты час ён прама цi ўскосна трымаў сувязь са  сваiм  настаўнiкам, пiсьменнiкам i тэарэтыкам утапiчнага сацыялiзму. Вiдаць, таму для настаўнiка не было нечаканым рашэнне вучня ехаць за  мяжу;  Чарнышэўскi, прынамсi,  не адгаворваў, як Герцэн, яго ад такога намеру. Калi ўлiчыць,  што многiя карэспандэнты М.Чарнышэўскага стаялi  на ўлiку ў III аддзяленнi,  то стане зразумелым, чаму ў архiве Мiнiстэрства замежных спраў няма дакументаў на выезд Бахмецьева за  мяжу. Як бы там нi было,  Бахмецьеў сваiм прыкладам маральнай i фiзiчнай падрыхтоўкi да стварэння будучага грамадства натхнiў  М.Чарнышэўскага на  стварэнне вобраза Рахметава,  таго вобраза,  якi стаў для многiх рэвалюцыянераў эталонам, узорам для пераймання.

     Сляды Бахмецьева  губляюцца  з таго самага вераснёўскага дня, калi Герцэн праводзiў яго на параход.

     Цi шукаў яго хто-небудзь?  Так. Лiтаратуразнавец Н.Эйдельман, зацiкавiўшыся лёсам Паўла Аляксандравiча, паслаў запытаннi на астравы Фiджы,  у Новую Каледонiю, Новую Зеландыю, на Маркiзскiя астравы. Аднак адказы былi несуцяшальныя.  Ён нават сустракаўся з вядомым мораплаўцам  Т.Хеердалам,  якi  жыў  на  Маркiзскiх астравах больш за год.  Але i Хеердал,  на жаль, нiчога не чуў пра Бахмецьева. Тады Н.Эйдэльман вырашыў знайсцi ў друку паведамленне аб дакладнай даце адплыцця карабля. Перагартаўшы лонданскую "Таймс" таго часу, знайшоў: "... клiпер "Акаста", водазмяшчэннем 600 тон, капiтан Т.Ах'ер - Новая Зеландыя (гарады  Велiнгтон,  Нельсан),  адпраўка першага верасня".  Чаму ж Новая Зеландыя?  Мы ж ведаем,  што П.Бахмецьеў збiраўся на Маркiзскiя астравы.  Герцэн пiша,  што  ён ўзяў акрэдытыў  таксама на Маркiзскiя астравы.  Аднак ва ўспамiнах Д.Мардоўцава паведамляецца, што П.Бахмецьеў збiраўся паехаць у Новую Зеландыю.  Можна меркаваць, што Бахмецьеў знарок сказаў Герцэну, быццам едзе на гэтыя астравы,  каб нiхто (напрыклад, спадкаемцы) не змог яго знайсцi...

     А як жа грошы,  пакiнутыя Бахмецьевым  Герцэну?  Вядома,  што Герцэн доўгi  час  не чапаў iх,  выкарыстоўваючы для справы толькi працэнты з капiталу.  Толькi ў 1869 г., незадоўга да смерцi, перадаў iх у якасцi дапамогi групе эмiгрантаў.

     На гэтым можна было б i закончыць апавяданне пра  нашага  героя, каб не адно цiкавае супадзенне.

     Паводле адной з iснуючых версiй,  у перыяд навучання Бахмецьева ў  Горы-Горацкiм земляробчым iнстытуце  была напiсана вядомая паэма "Тарас на Парнасе".  Аўтар яе да гэтага часу невядомы, але некаторыя даследчыкi лiчаць, што iм быў студэнт Горы-Горацкага iнстытута.

     Многiх беларускiх лiтаратуразнаўцаў уражваюць  дакладныя  характарыстыкi  пiсьменнiкаў  i паэтаў,  пра якiх гаворыцца ў паэме. Вядома,  што П.Бахмецьеў неаднаразова бываў у Пецярбурге i Маскве, бываў у лiтаратурных колах. Цi не перадаў ён такiя звесткi будучаму аўтару паэмы? Зусiм верагодна, што П.Бахмецьеў ведаў аўтара паэмы.  Пошук матэрыялаў пра Бахмецьева, магчыма, дапаможа выявiць i iмя аўтара "Тараса на Парнасе".

     Вядомы нямецкi славiст Рудольф Абхiст у артыкуле, апублiкаваным у 1917 годзе, пiсаў: "Калi б знайшлi спiсы навучэнцаў Горацкай акадэмii..., тады  б  мы  змаглi адгадаць лiтаратара,  якi напiсаў "Тараса на Парнасе".  У "Записках Горы-Горецкого  земледельческого института" (книги  I-IV)  ёсць спiсы студэнтаў.  Каб адшукаць iмя аўтара трэба прасачыць жыццёвы шлях некалькiх соцен чалавек.  Аднак мы  наперад  ведаем,  што  даследчыка  i  тут можа спасцiгнуць няўдача. Справа ў тым,  што прозвiшчы не ўсiх  студэнтаў  маюцца  ў спiсах. Напрыклад,  там  няма  прозвiшча  школьнага таварыша Паўла Бахмецьева, якi прыехаў разам з iм у Горкi, - Аўгуста Клаўса.

     "Я нiчога  не  ведаю пра далейшы лёс гэтага чалавека,  але ён трывожыць мяне",  - пiсаў лiтаратуразнавец Н.Эйдэльман.  Думаецца, што лёс  былога  студэнта  Горы-Горацкага  земляробчага  iнстытута Паўла Аляксандравiча Бахмецьева,  прататыпа Рахметава,  зацiкавiць дапытлiвых чытачоў. Запрашаем да пошуку.

 

 

 

"...ОДА Ў ГОНАР САХАЛІНСКАЙ УРАДЛІВАСЦІ "

 

     Так высока  ацанiў кнiгу "Очерк истории Сахалина в сельскохозяйственном отношении" (СПб, 1873) пiсьменнiк Антон Паўлавiч Чэхаў. Цiкава, што  аўтарам гэтай кнiгi быў выпускнiк Горы-Горацкага земляробчага iнстытута Мiхаiл Сямёнавiч Мiцуль.

     Мiхаiл нарадзiўся 8 лiстапада 1836 года ў сяле Малашэй Цiраспальскага павета Херсонскай губернi ў сям'i дзяржаўнага  селянiна. Дзяцiнства яго прайшло сярод садоў i вiнаграднiкаў. I не выпадкова тое, што ён выбраў прафесiю садавода.

     Пасля заканчэння  Адэскага  вучылiшча садаводства ён працаваў садаводам у батанiчным садзе Горы-Горацкага земляробчага  iнстытута. I, як заўважыў гiсторык С.Г.Цiтовiч,  Мiхаiл быў першым селянiнам, якi быў у 1860 годзе прыняты ў iнстытут як стыпендыят Вольнага эканамiчнага таварыства.

     За ўдзел студэнтаў у паўстаннi 1863 года  iнстытут  у  Горках быў закрыты i пераведзены ў Санкт-Пецярбург. Там Мiцуль i скончыў апошнi курс са званнем кандыдата агранамii. У   Дзяржаўным гiстарычным  архiве Расіі захавалася адозва дырэктара iнстытута, у якой ён пiсаў: "... Мiцуль чалавек вельмi старанны, руплiвы i выдатных паводзiн".

     Пасля заканчэння iнстытута М.С.Мiцуль служыў у дэпартаменце сельскай гаспадаркi Мiнiстэрства дзяржаўных маёмасцей, для лячэння ў 1867 годзе ездзiў у Англiю,  Швейцарыю i Францыю. У Парыжы  наведвае сусветную  выставу  1867  года.  Праз два гады яго абiраюць членам Вольнага эканамiчнага таварыства.  У гэтыя гады ён  актыўна займаецца навуковай дзейнасцю i публiкуе некалькi прац, сярод якiх i "Хозяйственный и плодовый сад".

     У 1870  годзе  яму прапанавалi месца агранома ў экспедыцыi на востраў Сахалiн i Мiхаiл Сямёнавiч, не раздумваючы, мяняе месца  мiнiстэрскага чыноўнiка  на падарожнiка.  Больш года,  з кастрычнiка 1871 па лiстапад 1872, правёў ён у навуковай камандзiроўцы  на востраве. Усебакова вывучаў яго раслiнны свет,  глебу i прыроду.  У вынiку абагульнення навуковых даследванняў iм была напiсана  кнiга "Очерки истории Сахалина в сельскохозяйственном отношении", якая i звярнула на сябе ўвагу А.П.Чэхава i атрымала яго высокую адзнаку.

     Антон Паўлавiч,  калi рыхтаваўся да падарожжа на Сахалiн, вывучаў лiтаратуру,  якая датычыла вострава.  Аб гэтым вядома з  яго лiстоў, якiя  былi адпраўлены з Масквы ў лютым-сакавiку 1890 г.  У цэлым, даючы адзнаку напiсанай лiтаратуры, Чэхаў лiчыў, што "артыкулы пiсалiся цi людзьмi,  якiя нiколi не былi на Сахалiне i якiя нiчога не разумеюць у справе..." (Чехов А.П.  Собр.соч.  в 12  т.  М.,  1985. Т.12. С.183).

     Але ў той час у адным з лiстоў  Антон  Паўлавiч  гаворыць  аб тым, што "... рускiя людзi, даследуючы Сахалiн, здзейснiлi дзiвосныя подзвiгi, за якiя трэба абагаўляць чалавека..." (Чехов А.П. Собр.соч. в 12 т. М., 1985. Т.12, С.185).

     Можна меркаваць,  што менавiта такiх людзей як  М.С.Мiцуль  i меў на ўвазе Чэхаў.  Ён чытаў працу М.С.Мiцуля "Очерки истории Сахалина в сельскохозяйственном отношении" i зацiкавiўся яго жыццём.

     Прыехаўшы на Сахалiн у лiпенi 1890 года, Чэхаў шмат пазнае аб дзейнасцi выпускнiка Горы-Горацкага земляробчага iнстытута.

     У сваёй  кнiзе "Остров Сахалин"  ён некалькi разоў узгадвае аб М.С.Мiцулi.  (Чехов А.П. Остров Сахалин. Собр.соч. в 12 т. 1985, Т.11, С.67,103,111, 189, 193,268, 269).

     У сёмым раздзеле кнiгi ён адзначыў,  што для калонii ссыльных больш усiх зрабiлi,  у сэнсе яе стварэння i адказнасцi за яе,  два чалавекi: М.С.Мiцуль i М.Н.Галкiн-Враской.

     Далей у кнiзе Чэхаў пiсаў: "У экспедыцыi 1870 года, пасланай з Пецярбургу пад начальствам Уласава,  прымаў удзел таксама аграном Мiхаiл Сямёнавiч Мiцуль, чалавек рэдкай маральнай загартоўкi, аптымiст i iдэалiст, якi захапляўся i якi валодаў здольнасцю перадаваць сваё захапленне i iншым.  Яму ў той час было каля 35 гадоў.  Да паручэння, якое было на яго ўскладзена, ён аднёсся  з надзвычайнай дабрасумленнасцю. Вывучаючы глебу, флору i фауну Сахалiна, ён абышоў пешшу Аляксандраўскую i Тымаўскую акругi, заходняе пабярэжжа, усю паўднёвую частку вострава.

     Iдэя сельскагаспадарчай калонii ўразiла i захапiла  Мiцуля. Ён аддаўся  ёй усёй душой,  палюбiў Сахалiн i,  як мацi не бача ў сваiм любiмым дзiцяцi недахопаў, так ён на востраве, якi зрабiўся  яго  другой радзiмай,  не прыкмячаў прамёрзшай глебы i туманаў". (Чехов А.П., Указ.собр.соч., Т.11, С.193).

     Антон Паўлавiч  паведамляў:  "Памёр ён на Сахалiне ад цяжкага нервовага расстройства, 41 года. I я бачыў яго магiлу".

     Даследчык жыцця  М.С.Мiцуля гiсторык А.I.Аляксееў,  вывучаючы архiвы, даказаў, што Чэхаў, не маючы дакументаў, памылiўся. Мiхаiл Сямёнавiч памёр 27 красавiка 1883 года ва ўзросце 46 з паловай год (Алексеев А.И. Второе рождение. Южно-Сахалинск, 1986, С.72).

     Праз 100  год пасля падарожжа А.П.Чэхава на Сахалiн група пiсьменнiкаў выпусцiла зборнiк "Остров Сахалин: от Мелихова до Сахалина: люди,  судьбы,  встречи". У ёй пiсьменнiк М.Пятроў апавядае аб сваiм наведваннi Сахалiна,  некалькi разоў  успамiнае  М.С.Мiцуля. Спрабаваў ён знайсцi яго магiлу, якую бачыў А.П.Чэхаў. Але знайсцi яму не ўдалося, бо могiлкi былi знесены ў 30-я гады". "...Памяцi аб пiянеры земляробчага асваення вострава нiякай не засталося", -лiчыць М.Пятроў.

     Але гэта не так. Памяць аб былым студэнце Горы-Горацкага земляробчага iнстытута жыве на Сахалiне. Горны хрыбет Мiцуля на захад ад Паўднёва-Сахалiнска,  перавал i пiк Мiцуля,сёлы Мiцулёўка i Мiхайлаўскае названы ў гонар яго iмя.

     Памятаюць аб М.С.Мiцулi i ў Горках.  Матэрыялы аб яго жыццi i дзейнасцi змешчаны ў музеi гiсторыi Беларускай  сельскагаспадарчай акадэмii i ў раённым гiсторыка-этнаграфiчным музеi.

 

 

 

СЯБРА АЛЯКСАНДРА ТВАРДОЎСКАГА

 

     Аднойчы краязнаўца Валерый Рыжоў заўважыў у жыхара Смаленска А.П.Хадусевіча фотаздымак Аляксандра Твардоўскага з цікавым даравальным надпісам: "Нязменнаму шэфу i калегу (я, вядома, не намякаю), кiтайскаму пiсьменнiку Сцёпку Курдзiчу ад "Таўрыiла", таксама пiсьменнiка" (В.Рыжов. Трагедия жизни и творчества.//"Край Смоленский", 1995. № 1,2. С.28).

     У сувязі з тым, што надпіс быў паўсцёрты, расшыфроўваць яго прыйшлося з дапамогай крымінальнага аддзела УВС Смаленскага аблвыканкама.  Гэта быў подпіс, зроблены рукой  А.Твардоўскага. А фотаздымак быў падараваны, як высветліў В.Рыжоў, Сцяпану Цімафеевічу Курдаву ў перыяд з мая 1928 года па май 1929 года, калі ён разам з А.Твардоўскім здымаў пакой у Рабочым завулку ў Смаленску.

      Хто ж такі Сцяпан Курдаў і якое дачыненне ён мае да Горацкага Парнаса? 

     Ён нарадзіўся ў 1896 годзе недалёка ад Горак, у вёсцы Быкава Манастыршчанскага павета Смаленскай губерні ў сялянскай сям'і. Дзяцей было восем, і бацька вырашыў даць адукацыю хаця б старэйшаму сыну. Пасля заканчэння школы ў вёсцы Кадзіна Сцяпан паступіў ў 1908 годзе ў Горацкае земляробча-агранамічнае вучылішча, дзе правучыўся шэсць год. На жаль, у архівах не захавалася ніякіх дакументаў аб навучанні С.Курдава ў Горках. Але вядома, што якраз у гэты перыяд разам з ім вучыўся М.Гарэцкі, які потым стаў вядомым пісьменнікам.

     Пасля заканчэння вучылішча С.Ц.Курдава прызвалі ў царскую армію і  накіравалі на курсы малодшых афіцэраў. Ён удзельнічаў у баях першай сусветнай вайны, а 28 лютага 1918 года апынуўся ў нямецкім палоне. Некалькі месяцаў знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры, а затым змог выехаць у Расію.

     Неўзабаве ён уступае ў рады белай арміі, але ў Калчака служыў нядоўга. "Я быў у белай армii, але не мог там заставацца, - казаў ён 18 жніўня 1937 года, калі выступаў на агульным сходзе пісьменнікаў Смаленска. - У мяне хапiла смеласцi не толькi пакiнуць гэту армiю, але i пасадзейнiчаць iншым не страляць у народ. Як дзезерцiра мяне трымалi 8 месяцаў у турме, эвакуiравалі на Усход..." (Н.Илькевич. Месяц на следствии.//"Край Смоленский", 1996, № 1,2. С.21).

     Так ён трапіў у Кітай. У Харбіне С.Ц.Курдаў працаваў рамонтным рабочым на чыгунцы, пісаў допісы ў газеты. У 1926 годзе па абвінавачванні ў агітацыі яго арыштоўвае кітайская паліцыя і 3 месяцы ён сядзіць у турме.

     У 1927 годзе ён вырашыў вярнуцца ў Савецкі Саюз. У прыгаданым намі выступленні на сходзе пісьменнікаў ён казаў: "...Затым дома. Прыйшоў у "Правду", расказаў, хто я. У "Правде" мне сказалi, каб ехаў на радзiму, у Смаленск, працаваць. З 1927 года ўсе ведаюць мяне i маю працу. Я зблiзiўся з паэтамi Рылянковым i Твардоўскiм..."

     У Смаленску Сцяпан Курдаў працуе карэспандэнтам у рэдакцыі "Рабочий путь", уваходзіць у літаб'яднанне пры газеце "Юный товарищ".

     Як вядома, у ліпені 1928 года ў Смаленск прыязджае А.Твардоўскі, які па май 1929 года жыве разам з С. Курдавым у адным пакоі. Аб гэтым сведчыць запіс у накідах да сваёй аўтабіяграфіі (1928-1932 гг.) А.Твардоўскага: "Смаленск. Мар'янкоў Ю.Г. Паездка ў Крым. Дома - у гасцях. Галаданне. Курдаў..." (Литературное наследство" Т.93 Мн., 1983.С.406).

     Вясной 1930 года А.Твардоўскі разам з С.Курдавым  і В.Мураўёвым наведваюць калгасы Смаленскай вобласці і потым выдаюць два выпускі кнігі "На стройке новой деревни" (Библиотека школьника. Вып. 1-1930; Вып. 2 1931)

     У наступным С.Курдаў актыўна працуе ў літаратуры - піша вершы, паэмы, аповесці, краязнаўчыя нарысы.

     Як успрымала яго літаратурная крытыка? Па-рознаму. Гэта бачна са справаздачы з творчага дэкадніка, які адбыўся 27 снежня 1934 года. Вядома, што на ім паэт чытаў свае вершы "Метро", "Траса", "ЦПКиО", "Техника". Затым яго творчасць разглядалі А.Твардоўскі, М.Рыленкаў, І.Кац і інш. Адны аб вершах адзываліся добра, другія  - лаялі. Потым у часопісе "Наступление", што выдаваўся ў Смаленску, было надрукавана: "Паэту С. Курдаву не пашанцавала. Нягледзячы на тое, што ён мае ўжо даволi-такi салiдны паэтычны стаж, што творы яго даволi сваеасаблiвыя, арыгiнальныя - аб яго творчасцi да гэтай пары нiчога не сказана...

     ...Некаторыя месцы ў вершах Курдава вельмi добрыя, выразныя. Ён добра ведае тое, аб чым пiша. Чытаючы яго вершы, адчуваеш, што аўтар, несумненна, таленавiты, але яшчэ не загаварыў "ва ўвесь голас". Можа быць, ён сам не ведае, якiя рэчы ў яго добрыя, а якiя дрэнныя. На ўсiх яго вершах ляжыць пячатка стылiстычнай нядбайнасцi, недысцыплiнаванасцi. Адчуваецца ўплыў В.Хлебнiкава i, напэўна, нават Забалоцкага. Але самы корань усiх гэтых недахопаў ляжыць, вядома, не у тым. Справа ў светапоглядзе. С.Курдаў павiнен сур'ёзна засесцi за Маркса, Энгельса, Ленiна, Сталiна..." (Часопіс "Наступление", 1934. №1,2. С.116).

     Краязнаўца В.Рыжоў у вышэйзгаданым артыкуле пісаў, што ў кампетэнтнасці тых літаратараў, якія крытыкавалі Курдава, сумнявацца не прыходзілася. На наш погляд, гэта не зусім так. Відаць, выхаванец з Горак быў творчай асобай, са сваім асабістым светапоглядам на жыццё, ідэю і, галоўнае - практыку так званага "сацыялізму", які ў пачатку 30-х гадоў пачаў ператварацца ў таталітарны рэжым.

     С.Курдаў і сам ведаў, якія яго творы напісаны дрэнна. Так, пра сваю п'есу "На буксире", выдадзеную ў клубным зборніку "Пролетарские писатели - колхозам" ён казаў: "Мая вялiкая памылка была ў тым, што я друкаваўся ў клубных зборнiках, пасля ад iх адказаўся, так як гэта была халтура" (В.Рыжов. Трагедия жизни и творчества.//"Край Смоленский", 1995. №1,2 с.34).

     І ён як мог спрабаваў адбіцца ад заказаў "на злобу дня". "Са мной дамовiлiся напiсаць кнiгу аб iльне,-казаў ён, - з устаноўкамi звышранняга сева, няправiльным выкарыстаннем плошчаў пад лён. Кнiгу я пiсаць не стаў, так як у агранамii нешта разумею (нагадаем, што С.Курдаў скончыў Горацкае земляробча-агранамічнае вучылішча - У.Л.). Пасля гэтага выпадка у дзяржаўныя выдавецтвы мне быў зачынены ўваход зусiм, хаця раней мяне туды цягнулi за рукаў" ("Край Смоленский", 1993, №1. С.87)

     ...Наступіў сумнавядомы 1937 год. Літаратуразнавец, супрацоўнік упраўлення ФСБ па Смаленскай вобласці Мікалай Ількевіч у архіве ФСБ знайшоў данос В.Я.Гарбаценкава, журналіста і паэта, ад 14 жніўня 1937 года, дзе было напісана: "...нiчога не зроблена па расследванню справы аб лiтаратары С.Курдаве, якi служыў афiцэрам у царскай армii, быў белагвардзейцам на Доне, у калчакаўскай армii... жыў у Харбiне i за ўвесь час свайго знаходжання ў Смаленску вядзе нейкае дзiўнае, адасобленае, "вандроўнiцкае" жыццё. (Н.Илькевич. Месяц на следстви.//"Край Смоленский", 1996, № 1,2. С.20).

     Мабыць, гэты данос стаў прычынай для абмеркавання лёсу С.Курдава 25 жніўня 1937 года на пасяджэнні Саюза пісьменнікаў Смаленскай вобласці. Праўда, разглядалі пытанне аб ворагу народа Македонаве. І "нечакана" ў выступленні аднаго з прысутных прагучала, што сярод пісьменнікаў "...нядбайнасць, раўнадушша маюць месца. Тыповы узор - факт з Курдавым. Трэба вырашыць раз i назаўсёды аб тым, што ён сабой уяўляе. Гэта цягнецца ўжо даўно, некалькi гадоў, а Курдаў усё ходзiць з плямай. Трэба гэту пляму цi зняць, цi рабiць у адносiнах Курдава нейкiя меры..." ("Край Смоленский"// 1993, № 2.С.17).

     Як "вырашалі раз і назаўсёды" у 1937 годзе - вядома. У ноч з 30 верасня на 1 кастрычніка 1937 года С.Курдаў быў арыштаваны. 13 і 20 кастрычніка 1937 года яго дапытваюць, абвінаваціўшы ў сувязі з японскай разведкай.

     Як лічыць М.Ількевіч, Сцяпан Курдаў быў на ўліку ў органах НКУС яшчэ з 1927 года, як былы белы афіцэр. Акрамя таго, 20 верасня 1937 года Нарком унутраных спраў СССР М.І. Яжоў падпісаў сакрэтны загад № 00593 "Об операции по репрессированию бывших служащих Китайско-Восточной железной дороги и ремигрантов из Манчжоу-Го". (М.Ількевіч. Месяц на следствии.//"Край Смоленский", 1996, №1,2. С.20).

     Выконваючы загад М.І.Яжова, смаленскія чэкісты і пачалі шукаць былых служачых Кітайскай Усходняй чыгункі. Абвінавачванні для ўсіх былі стандартнымі - шпіёны японскай разведкі.

     20 кастрычніка 1937 года супрацоўнікі УДБ Смаленскай вобласці склалі абвінавачванне па следчай справе № 8006. У ім сказана: "Абвiнавачваецца у тым, што з'яўляецца агентам адной з замежных дзяржаў, прыбыўшым на тэрыторыю СССР для шпiёнскай дзейнасцi, г. зн. у злачыннасцi, якая прадугледжана арт. 58, п. 6 УК РСФСР.

     Вiноўным сябе прызнаў" (Н.Илькевич. Месяц на следствии. //"Край смоленский", №1,2, С.23)

     Няхай не здзіўляюць чытача апошнія словы. У той час амаль усе прызнавалі сябе вінаватымі. Да таго ж, у Смаленску жыла яго жонка з дзіцём і чэкісты маглі паабяцаць, што не будуць чапаць сям'ю, калі ён прызнаецца.

     21 кастрычніка ў Маскву дасылаецца спіс № 3 на 7 чалавек. Яго павінны былі зацвердзіць па 1-ай катэгорыі, гэта значыць на расстрэл.

     29 кастрычніка 1937 года Сцяпан Цімафеевіч Курдаў быў расстраляны. Як лічыць М.Ількевіч, яго цела было тайна пахавана ва ўрочышчы "Козьи Горы" Смаленскага раёна.

     ...Прайшло шмат часу. І толькі праз 52 гады, 31 сакавіка 1989 года С.Ц.Курдаў быў рэабілітаваны. Ёсць надзея, што да чытача вернецца і яго творчасць.

 

"ПАЭТ I ХЛЕБАРОБ"

 

Так сказаў пра выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii Дзмiтрыя Дзмiтрыевiча Марозава паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь Леанiд Дайнека.

Вось адзiн з вершаў Дз. Дз. Марозава:

Я - хлебароб. I гэтым ганаруся

Няма радней нiчога для мяне

Чым водар сена, скошанага ў лузе,

Зязюль куванне з бору па вясне.

Люблю садоў асеннюю крамянасць

I цiхiх вёсак ветлiвы спакой...

О, як я адчуваю знiтаванне

Душы i цела з роднаю зямлёй.

Гэтыя радкi сапраўды могуць служыць вiзiтнай карткай чалавека, пра якога цяжка сказаць - хто ж ён на самой справе - аграном цi паэт - так удала спалучаюцца ў яго жыццi гэтыя два заняткi. Нарадзiўся Марозаў не ў Горках, а ў Мiнскай вобласцi, у весцы Язбы Крупскага раёна другога студзеня 1954 года. Пасля заканчэння Язбоўскай сярэдняй школы паступае на агранамiчны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii. З. Марозаў актыўна ўдзельнiчаў у рабоце лiтаратурнага аб'яднання "Парнас", што працуе i зараз пры рэдакцыi шматтыражнай газеты "Советский студент". Тут, у Горках, нарадзiлiся першыя вершы будучага паэта. Неўзабаве i мацi З. Марозава - Вера Паўлаўна - пераехала  на сталае пражыванне ў вёску Панкратаўка Горацкага раёна. Таму наша горацкая зямля стала для паэта вельмi роднай i блiзкай.

Закончыўшы ў 1975 годзе акадэмiю ён працуе старшым аграномам калгаса "Рэвалюцыя" Быхаўскага раёна Магiлёўскай  вобласцi, старшым аграномам упраўлення сельскай гаспадаркай Магiлёўскага аблвыканкама, галоўным аграномам калгаса iмя Энгельса Бялынiцкага раёна.

Змiтрок Марозаў вырошчваў хлеб i песня аб хлебе настойлiва пастукалася ў яго сэрца, i спаткаў ён яе з радасным адчуваннем свайго дачынення да вялiкай справы хлебаробаў. Паэт шукае словы простыя, словы, якiя пахнуць хлебам, словы ад свежаўзаранай баразны. Ён пiша:

З баразны пачынаецца поле,

З жаўруковай запеўкi - вясна...

У мяне найшчаслiвая доля

I Радзiма навекi адна.

Уяўлю сябе спелым насеннем,

Што калоссем памкне ў сiняву.

I, адчуўшы зямлi прыцягненне,

Прашапчу трапяткое: "Жыву!"

Гэта верш з першага зборнiка паэта "Пад небам буслiным", якi выйшаў у 1982 годзе. А да гэтага малады паэт друкаваўся ў часопiсах "Маладосць", "Беларусь", "Родная прырода", у рэспублiканскiх i абласных газетах. Цiкава, што вершы З. Марозава былi заўважаны не толькi ў Беларусi. У 1981-1982 гадах пераклады яго твораў былi выдадзены на рускай i ўкраiнскай мовах. А ў 1983 годзе ў Маскве, у выдавецтве "Молодая гвардия" была выдадзена яго кнiга "Огонь и жито".

Гэтыя першыя кнiгi былi надрукаваны ў той час, калi З. Марозаў працаваў другiм сакратаром Бялынiцкага райкама ЛКСМБ (1979-1984 гг.). Затым была праца ў ЦК ЛКСМ Беларусi i у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання Рэспублiкi Беларусь.

У гэтыя гады ў З. Марозава амаль штогод выходзяць кнiгi паэзii "Хлеб i памяць" (1988), "Хлебны верасень" (1988), "Апакалiпсiс душы" (1991), "Прадчуванне" (1991), "Ачышчэнне сяўбой" (1992), "Сын чалавечы" (1993), "Залатая кнiга беднага" (1994), "Балiць душа па Беларусi" (1996), "Святло рамонкаў палявых" (1997), "Гронкi зорных суквеццяў" (1998).

Аб чым гэтыя кнiгi? Ужо з самiх назваў зборнiкаў можна вызначыць, што гэта вершы аб праблемах сучаснай вёскi,аб працы хлебароба, аб наступствах чарнобыльскай бяды, аб захаваннi гiстарычнай спадчыны, аб ахове прыроды. Усё, аб чым гаворыць паэт, iдзе ў яго ад душы. За радкамi яго вершаў уяўляецца чалавек, улюбёны ў бязмежнасць жытнёвых палёў, у сiнюю глыбiню азёр i рэк, i вершы яго пранiкнёна-душэўныя, насычаныя цеплынёй, сялянскай дабрынёй.

Але паэт не iдэалiзуе беларускую вёску, яе жыхароў. Ён пiша:

Не верачы д'яблу i Богу,

Не чуючы розных месiй,

Спiваецца вёска патроху,

З апошнiх мадзеючых сiл.

Распятай, нямой парадзiхай

Канае ў пакутах зямля...

I спее вялiкае лiха

У душах людскiх спакваля.

Усе вершы паэта, адзначае Вячаслаў Рагойша "... выразна пазначаны талентам творцы, яскрава сведчаць аб настойлiвых творчых пошуках, iмкненнi глыбей i арыгiнальней спасцiгнуць свой час i сябе ў часе." (З. Марозаў. Гронкi зорных суквеццяў. Мн., 1998. С. 5).

Шмат вершаў прысвечана адраджэнню беларускай культуры, мовы, нацыянальнай спадчыны i свядомасцi. Паэт разумее тыя праблемы, з якiмi сутыкнуўся сёння беларускi народ. Таму ў яго "балiць душа па Беларусi" i ён часта задумваецца аб тым, што мы пакiнем нашчадкам:

Што я ўнукам пакiну,

Як пайду на клады?..

Цень засохлай вярбiны,

Плач нiтратнай вады.

Колас стронцыем хворы,

Немату, забыццё...

Недасяжныя зоры

Без надзей на жыццё.

З. Марозаў з'яўляецца аўтарам першага ў славянскiм свеце вянка санетаў "Апакалiпсiс душы". Як вядома, санет - форма класiчнага верша з пэўным парадкам рыфмоўкi, якая дыктуе разгортванне зместу. Больш складаная форма -вянок санетаў. Гэта кампазiцыя з 15 санетаў, дзе апошнi радок першага санета з'яўляецца першым радком другога i гэтак далей. Цiкава, што апошнi - пятнаццаты санет, якi завецца магiстрал - складаецца з першых радкоў чатырнаццацi санетаў.

I сама форма складаная - гэта вянок вянкоў санетаў, якi будуецца з чатырнаццацi асобных вянкоў санетаў, а апошні, пятнаццаты вянок атрымліваецца з іх магістралаў.

Мы падрабязна расказалi аб гэтым творы, каб нагадаць аб той тытанiчнай працы, якую зрабiў паэт.

Пiсьменнiк Федар Жычка адзначаў, што З. Марозаў таму напiсаў гэты твор таму, што "прыйшоў да высновы, каб адлюстраваць усе супярэчнасцi нашага неспакойнага часу, паўней выказаць трывогi, думкi i мары сучаснiка можна толькi пры дапамозе гэтай складанай паэтычнай формы" (З. Марозаў. Апакалiпсiс душы. Мн., 1991).

А паэт Леанiд Дайнека лiчыць, што стварэнне вянка санетаў "... можна назваць паэтычным подзвiгам, схiлiўшы ў пашане перад натхнёна-нястомнай працай галаву" (З. Марозаў. Сын чалавечы. Мн., 1993. С. 3).

Акрамя вершаў З. Марозаў выдаў кнiгу публiцыстыкi "I скажуць унукi" (1994), а таксама дзве кнiгi для дзяцей "Азбука агранома Валошкi" (1989) i "Пра гарох i буракi, бульбу, жыта, агуркi..." (1998). У дзiцячых кнiгах ён у навукова-папулярнай форме апавядае пра агародныя, палявыя i лугавыя раслiны, якiя растуць на Беларусi.

Творчая дзейнасць З. Марозава адзначана дзвюма прэмiямi. Ён лаўрэат прэмii камсамола Беларусi 1988 года за кнiгу вершаў "Хлебны верасень" i прэмii Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi 1995 года за кнiгi "Ачышчэнне сяўбой" i "Сын чалавечы".

У З. Марозава шмат творчых планаў i задум. У сваiх вершах ён пiша:

Жадаю жыць!

Ды не ў забавах,

Якiмi славiўся Арфей,

I не ў абдымках сытай славы -

Жыць я жадаю для людзей.

Прайсцi праз новыя пакуты,

Нягоду кожную стрываць,

Каб словам шчырым i раскутым

Памкненнi сэрца перадаць.

 

 

 

 

                                         РАБІСЯ ХУТЧЭЙ ЧАЛАВЕКАМ

 

Уладзiмiр Прыбыткоўскi. Iмя гэтага паэта i лiтаратуразнаўцы з вялiкай цеплынёй успамiнае Ю. Гаўрук. У яго кнiзе "Ступень адказнасцi" змешчаны калектыўны фотаздымак лiтаратурнага гуртка горацкай фiлii "Маладняка", на якiм мы можам убачыць Уладзiмiра Прыбыткоўскага.

На вялiкi жаль, аб яго жыццi захавалася мала звестак. Невядома нават калi i дзе ён нарадзiўся. Але есць меркаваннi, што ў 1925 годзе ён вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii. У час вучобы пачаў займацца лiтаратурнай творчасцю - пiсаць вершы. Як вядома, дасылаў iх у часопiс "Аршанскi маладняк". Iх не надрукавалi, бо ў аддзеле "Паштовая скрынка" была надрукавана такая iнфармацыя: "... Прыбыткоўскаму... У прысланых матэрыялах есць недахопы, зачым ён накiраваны ў Горацкi студыйны гурток "Маладняка", дзе ён будзе разгледжаны..." (Аршанскi маладняк", 1926, №1).

Як ужо паведамлялася (гл. матэрыял "... Беларускi дзеяч яшчэ з нашанiўскiх часоў") у Горках у кастрычнiку 1926 года ўтворана самастойная фiлiя "Маладняка". З пратаколу № 1 бачна, што на першым пасяджэннi прысутнiчаў У. Прыбыткоўскi. Яму было даручана зрабiць крытычны аналiз твора М. Зарэцкага "Голы звер". Абмяркоўвалi маладнякоўцы i вершы сваiх сяброў. З пратаколу вядома, што У. Прыбыткоўскi чытаў вершы "Дожджыкам у полi" i iншыя. Пра вершы было вырашана: "Лiчыць здавальняючымi з боку зместу i формы" БДАМЛiМ. Ф. 225, воп. 1, сп. 18, л. 5).

Актыўна У. Прыбыткоўскi ўдзельнiчаў у пасяджэннях Горацкай фiлii "Маладняка", якiя адбывалiся 12-19 кастрычнiка 1926 года. Тады абмяркоўвалi кнiгу К. Чорнага "Пачуццi". Ён выказаўся супраць тых поглядаў, што былi выказаны аб кнiзе К. Чорнага рэцэнзентам Данiловiчам. "Рэцэнзiя Данiловiча, - падкрэслiў ён, - непраўдзiва i, безумоўна, не заслугоўвае ўвагi як сталая крытыка."

Затым на гэтым пасяджэннi была заслухана рэцэнзiя, падрыхтаваная У. Прыбыткоўскiм аб творы М. Зарэцкага "Голы двор". У пратаколе было сказана: "У рэцэнзii т. Прыбыткоўскi паказаў, што аўтар iмкнецца да новых формаў, але не выявiў натуральных псiхалагiчных тыпаў". Было вырашана гэту рэцэнзiю надрукаваць у часопiсе "Аршанскi маладняк". (БДА МЛiМ. ф. 225, воп. 1, сп. 18, л. 8).

На наступным сходзе, што адбыўся 26 кастрычнiка 1926 года, слухалi вершы У. Прыбыткоўскага "Дзядзечка любы..." iiха сыплецца снег". Было вырашана iх надрукаваць.

Гэта i было зроблена ў другiм i трэцiм нумары "Аршанскага маладняка", дзе яшчэ акрамя вышэйназваных, былi надрукаваны вершы: "Сення - дысананс", "Лiхой ноччу ля Немана", "Узрос каласок..." i рэцэнзiя на кнiгу Я. Пушчы "Vita".

Чытаючы вершы У. Прыбыткоўскага адчуваецца пошук новых паэтычных форм. Вiдаць, што знаходзiўся ён пад моцным уплывам У. Маякоўскага. Вось што ён пiша ў вершы "Цiха сыплецца снег.":

Развеяць,

ударыць,

начамi ў хмары,

хай звалiцца

снег

на галовы

мы стопчам

i снег,

i драпежныя хмары,

I ўзняўшыся

глянем на неба

сурова..."

10 лiстапада 1926 года горацкiя маладнякоўцы абмяркоўвалi даклад А. Вечара "Сiмболiзм". Як бачна з пратаколу "... па дакладу выказаўся т. Прыбыткоўскi, паказаўшы, што ў дакладзе былi супярэчнасцi". Ён жа быў уключаны ў дэлегацыю ад "Маладняка", каб арганiзаваць маладнякоўскi вечар для партыйнай канферэнцыi АК КПБ (БДА МЛiМ ф. 225, воп. 1, сп. 18, л. 11).

Мы так падрабязна прывялi дакументы з пасяджэнняў горацкiх маладнякоўцаў, бо, на жаль, гэта адзiнае, што мы маем аб жыццi i творчасцi пiсьменнiка.

Як вядома, у 1927 годзе часопiс "Аршанскi маладняк" выходзiў у Горках, аднак творы У. Прыбыткоўскага ў iм не з'яўлялiся. Затое ў сёмым i восьмым нумарах "Аршанскага маладняка" за 1928 год былi надрукаваны вершы "Часамi поўнiцца...", "Не разумею вясёласцi хмельнай, не разумею...", "Драма мамы", "Часам поўнiцца iстота музыкай...", а таксама артыкул "Iндывiдуалiзм i сучасная лiтаратура".

У канцы 1927 года ён ўступае ў аб'яднанне "Беларуская лiтаратурна-мастацкая камуна", арганiзатарам якой быў Паўлюк Шукайла. У першым нумары часопiса "Росквiт", што выпусцiла аб'яднанне, паэт надрукаваў верш "Лiтаратура ў прыгоне...", дзе ён заклiкаў:

Ты хочаш паэтам зрабiцца? -

Рабiся хутчэй чалавекам:

Пакiнеш мяшчанства драбнiцы,

Насыплеш дабра ў засекi.

Як вядома, у 1928 годзе Максiм Гарэцкi выпускае кнiгу "Маладняк" за пяць гадоў". У ёй ёсць некалькi ўпамiнанняў пра У. Прыбыткоўскага як пачынаючага паэта i лiтаратурнага крытыка (якога, ён несумненна, ведаў асабiста). М. Гарэцкi называе яго сярод тых паэтаў, якiя пакуль што "... слаба афармляюцца..."

Л. Маракоў, аўтар артыкула "Не стаяў на раздарожжы" (штрыхi да лёсу Уладзiмiра Прыбыткоўскага) знайшоў меркаванне Ю. Вiцьбiча, якi больш прыхiльна пiсаў аб паэце: "Найздатнейшым у ёй ("беларускай лiтаратурна-мастацкай камуне" - У. Л.) быў Прыбытак Лад". (ЛiМ, 1999, 23 красавiка). Як вядома, пад такiм псеўданiмам Уладзiмiр Прыбыткоўскi друкаваў у тыя гады свае творы.

Далейшы лёс У. Прыбыткоўскага невядомы. Л. С. Савiн у артыкуле "Прыбыткоўскi Уладзiмiр", якi надрукаваны ў шостым томе бiябiблiяграфiчнага слоўнiка "Беларускiя пiсьменнiкi" (Мн., 1995. С. 656) пiша, што ён у 1933 годзе "быў рэпрэсiраваны i высланы з Беларусi. З таго часу сляды яго губляюцца".

Л. Маракоў, спасылаючыся на дадзеныя Ул. Сядуры, лiчыць, што ў 1936 годзе НКУС яго арыштавала i выслала за межы Беларусi. (ЛiМ, 1999, 23 красавiка).

На наш погляд, гэта меркаванне больш правiльнае. Бо, вывучаючы ў архiве КДБ Рэспублiкi Беларусь справу нашага земляка Васiля Каваля, мы патрапiлi на згадванне "члена контррэвалюцыйнай арганiзацыi У. Прыбыткоўскага".

Што было з такiмi людзьмi - вядома...

Але ёсць спадзяванне, што паэт вырваўся з лагераў Гулага, бо, як успамiнае яго сябра па горацкай фiлii "Маладняка" Юрка Гаўрук, "... Уладзiмiр Прыбыткоўскi - цудоўны паэт, загiнуў у пачатку вайны, здаецца, недзе на Брэсчыне...". (Юрка Гаўрук. Ступень адказнасцi. Мн., 1986. С. 147).

( далнейшие главы будут представлены в ближайшее время)

 



Комментарии: 0 Просмотров: 1030 [История изменений] Размер:194066 байт
Последние изменения сделаны: vladlivsh Лившиц Владимир 1495 дней назад 21.04.2008 19:05:29
ДобавилТекст
Имя Пароль
расширенный... ( / Регистрация )

Тема

В тексте можно использовать Wiki или HTML теги



Кто на сайте?
Анонимные: 5, Зарегистрированные: 0 (?)
Жалоба | Размещено на MyLivePage | | © Kolobok smiles, Aiwan