"Ёсць людзі, біяграфія якіх з'яўляецца як бы жывым кавалкам гісторыі, - пісаў Барыс Палявы у 1948 годзе. - Адным з такіх людзей у Вялікай Айчыннай вайне стаў генерал-маёр бронетанкавых войск Іван Ігнатавіч Якубоўскі... Яго шлях, слаўны шлях баявога савецкага афіцэра-танкіста ад Волгі да Шпрэе, шлях, які ляжыць праз сотні баёў, з'яўляецца кавалкам гераічнай гісторыі савецкіх бронетанкавых сіл, праславіўшых сябе на ўвесь свет у бітвах Вялікай Айчыннай вайны".
Біяграфія палкаводца. Яна пачалася на беларускай зямлі. "Радзіма мая - зямля беларуская. Год нараджэння - 1912. Дзяцінства, малалецтва і юнацтва непарыўна звязаны з вёскай Зайцава Горацкага раёна, што на Магілёўшчыне, - пісаў у адным са сваіх біяграфічных артыкулаў Іван Ігнатавіч. - Сям'я наша была вялікая. Жылі крайне бедна, нярэдка голадна, апраналаіся ў зрэбнае палатно, насілі лапці. У сям'ю рана прыйшло гора - у 1917 годзе памерла маці, Акуліна Андрэеўна.
Бацька мой, Ігнат Лявонавіч, глыбока верыў у Савецкую ўладу, у нашу партыю. У духу вернасці Радзіме ён выхоўваў сваіх дзяцей. Двое яго сыноў, маіх братоў, смерцю храбрых палі ў баях за Савецкую Радзіму: у 1941 - радавы Аляксандр Якубоўскі, у сорак другім - камісар палка Кірыл Якубоўскі. У 1944 годзе за сувязь з партызанамі фашыстамі была расстраляна сям'я старэйшага брата Мікіты".
Пачатковую школу ён скончыў у вёсцы Куртасы , сямігодку - у Горках. "Аб сваіх школьных гадах я ўспамінаю як аб нялёгкіх", - пісаў маршал.
"Нялёгкіх" - сказана занадта мякка. Кожны дзень дваццаць кіламетраў ішоў ён у асенняе бездарожжа і зімовую сцюжу ў зрэбных штанах, даматканай світцы і лапцях.
З вялікай удзячнасцю ў кнізе "Зямля ў агні" І.І.Якубоўскі ўспамінае дырэктара сямігодкі Зянкевіча, настаўнікаў Мажайскую, Кіслякова, Ксенджука, Старашыцкага і іншых.
Пасля заканчэння школы некаторы час працуе ў Горках на цагельным заводзе, а затым па камсамольскай пуцёўцы паступае ў Аршанскі педагагічны тэхнікум.
У 1932 годзе ён быў накіраваны ў Аб'яднаную Беларускую ваенную школу імя М.І.Калініна ў Мінску; затым была служба ў радах Чырвонай Арміі, вучоба на Вышэйшых бронетанкавых курсах удасканалення каманднага саставу РККА. Камандзірам танкавай роты Іван Ігнатавіч удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а ў 1940 годзе ў вайне з белафінамі.
Вялікую Айчынную капітан Якубоўскі сустрэў пад Мінскам, дзе камандаваў танкавым батальёнам. І першы свой ордэн Чырвонага Сцяга атрымаў за абарончыя баі ў Беларусі.
Бачачы здзек, гвалт, якія чынілі ў роднай краіне прышэльцы, Іван Ігнатавіч пісаў жонцы, Зінаідзе Фёдараўне, у кастрычніку 1941 года:
"Як сын нашай партыі і патрыёт зямлі рускай добра помню нашых продкаў - Суворава і Кутузава. За рускі народ, за нашу зямлю, за слёзы нашых братоў і сясцёр, за нашу вялікую партыю без літасці буду граміць подлых бандытаў".
Ён стрымаў сваю клятву. За 1418 дзён вайны ўдзельнічаў у сотнях бітваў, з баямі прайшоў каля пяці тысяч кіламетраў.
Вясной 1943 года Іван Ігнатавіч фарміруе 91-ю асобную танкавую брыгаду, з якой прайшоў шлях ад Сталінграда да Прагі. Брыгада была ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава і Багдана Хмяльніцкага. 18 яе выхаванцаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Танкавая брыгада асабліва вызначылася 7 лістапада пры вызваленні горада Фастава, за што ёй было прысвоена найменаванне Фастаўская. А камандзіру брыгады І.І.Якубоўскаму за ўмелае кіраўніцтва ёй, асабістую мужнасць і гераізм было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго прызначылі намеснікам камандзіра 6-га гвардзейскага танкавага корпуса.
Мужнасць і бясстрашнасць маладога камандзіра, а часам і пагарда да бяспекі здзіўлялі многіх. Былы воін 6-га гвардзейскага танкавага корпуса Б.Разумаў успамінаў: "Багата на вачах прайшло камандзіраў у розных званнях, але Якубоўскі запомніўся адразу. Крочыць палкоўнік, высокі, стройны, мужны, валявы твар. Герой Савецкага Саюза. А мы, салдаты, ведалі, што Герояў на вайне давалі толькі героям і толькі за подзвіг. Ну, думаем, цяпер наш корпус папрэ, дадзім нямецкім ваякам дыхту. Уяўляеце, нейкі новы прыліў храбрасці і бязбоезнасці невядома адкуль з'явіўся. Бо вынослівыя камандзіры, смелыя, валявыя і рашучыя, натхняюць на вайне нават без заклікаў, каманд".
Як адзначае ў кнізе "Вартавыя стаяць на пасту" пісьменнік А.Первенцаў, "...у бітвах лета 44-га Якубоўскі знаходзіцца ў росквіце сваіх сіл. І гэтыя сілы ён не траціць упустую. Падначаленае яму аб'яднанне становіцца таранным. Хтосьці назваў яго сталёвым таранам генерала Рыбалка...".
У канцы ліпеня 1944 года пад яго кіраўніцтвам частка корпуса хутка, без пантоннага маста, фарсіравала раку Вісла і захапіла плацдарм на левым яе беразе, што дазволіла паспяхова фарсіраваць раку ўсяму корпусу. У гэтай аперацыі ў поўнай меры раскрыўся палкаводчы талент Якубоўскага. 23 верасня 1944 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза паўторна.
Пасля вайны Іван Ігнатавіч вучыцца ў ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, затым камандуе танкавай дывізіяй, арміяй. З 1957 па 1960 гады ён - першы намеснік галоўнакамандуючага Групай савецкіх войск у Германіі, а затым на працягу раду год камандуе войскамі гэтай групы і войскамі Кіеўскай ваеннай акругі.
З 1967 года наш зямляк - першы намеснік міністра абароны, галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавору. Знаходзячыся на гэтых высокіх пастах, ён да канца свайго жыцця аддаваў усю энергію, шматбаковыя веды ваеннай справы і багаты баявы вопыт умацаванню абароннай магутнасці нашай Радзімы і ўсёй сацыялістычнай садружнасці.
Яго жонка, Зінаіда Фёдараўна, успамінала: "Вельмі любіў Іван Ігнатавіч сваю родную Беларусь. У памяць аб сваёй зямлі ён, дзе б ні жыў, у Германіі, Львове ці ў Падмаскоўі, высаджваў побач з домам тры беластвольныя бярозкі. Такія бярозкі раслі ля парога яго роднага дома.
У свой час - ужо генералам - ён марыў вярнуцца ў Беларусь служыць і працаваць... Але лёс распарадзіўся інакш. Ён быў салдатам Айчыны.




